БЯСЕ́ДНЫЯ ПЕ́СНІ,
застольныя песні, творы нар. лірыкі, якія спявалі ў застоллі. Рэгіянальныя назвы: гасцявыя, кірмашовыя, банкетовыя, пірушачныя песні. Значная колькасць іх сярод дажынкавых, талочных, радзінных песень, таму паводле функцыянальнай прыкметы адрозніваюць бяседныя песні пазаабрадавыя, каляндарна-абрадавыя і сямейна-абрадавыя. Маюць велічальныя матывы, у якіх услаўляюцца багаты стол, шчодрыя гаспадары, жаданыя госці. Ідэалізаваная карціна дастатку адлюстроўвае мару селяніна. У бяседных песнях пераважаюць сямейна-бытавыя матывы: нешчаслівае замужжа, жорсткі муж, лютая свякроў, ліхія суседзі і інш.
І.К.Цішчанка.
т. 3, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)